29.09.2025 работнікі Крычаўскага міжраённага аддзела Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы наведалі помнік, які ў народзе ахрысцілі “Якія спяваюць”.
У наваколлях Крычава, ля вёскі Прудок непадалёк ад Чорнага возера, ёсць помнік, які ў народзе ахрысцілі «Якія спяваюць». За лірычнай назвай - вялікая чалавечая трагедыя. Тут у гады Вялікай Айчыннай нацысты расстралялі больш за 1200 вязняў Крычаўскага лагера смерці: ваеннапалонных, падпольшчыкаў, мірных жыхароў. Пакланіцца памяці герояў і ахвяр вайны сюды едуць беларусы, расіяне. І кожны ведае: у скульптуры ёсць рэальныя прататыпы. Сярод тых, хто прыняў пакутніцкую смерць, былі першы выканаўца песні «Арляня» на Усесаюзным радыё Аляксандр Акаемаў і дырыжор Генадзь Лузенін. Баявыя таварышы, якія набліжалі перамогу з песняй, з ёй жа на вуснах і загінулі. Імёнамі Акаемава і Лузеніна, астанкі якіх у мірны час перапахавалі ў брацкай магіле ў Крычаве, названы вуліцы ў райцэнтры.